Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Образовательный туризм "Куточак мар"

Экологический маршрут

Заочная экскурсия к роднику "Кипяток" на немецком языке

Заочная экскурсия в парк Тугановичи на немецком языке.

Куточак мар! Любімая Карчова!


Гістарычная даведка 

Мемарыяльны палацава-паркавы ансамбль ”Туганавічы” размяшчаўся каля вёскі Карчова на р. Сэрвач. Некалі быў радавым гняздом князёў Туганаў. Назва маёнтка, безумоўна, мае татарскае паходжанне. У пісьмовых крыніцах упершыню ўспамінаецца ў 1471 годзе. З сярэдзіны 16 стагоддзя гаспадары маёнтка насілі прозвішчы Туганоўскія. У пачатку 18 стагоддзя тут была заснавана невялікая драўляная царква святой Пракседы-мучаніцы. З сярэдзіны 18 стагоддзя гаспадарамі Туганавіч становяцца Верашчакі. З 1840 года сядзіба зноў апынулася ва уласнасці старадаўняга роду Туганоўскіх – Канстанцыя Туганоўскага. Апошняй уладальніцай была яго дачка – Юзэфа Туганоўская, якая запісала маёнтак сялянскаму таварыству з умовай пабудовы пры двары сельскагаспадарчай школы. 


Паводле малюнкаў і фотаздымкаў мінулых часоў вядома, што ў параднай частцы парку быў размешчаны невялікі палац з рысамі позняга класіцызму. Дом меў мансарду і тэрасу на чатырох слупах, флігель з мураваным ганкам і аранжарэю. Кароткая ўязная алея вяла да сядзібных пабудоў. У паўднёва-заходняй частцы ўзгорку размяшчалася капліца-пахавальня. У цэнтры парку, каля асноўнай алеі, знаходзілася альтанка пад шасцю векавымі ліпамі. Парк займаў плошчу каля 5 га. У паўднёва-усходняй частцы знаходзіліся дзве сажалкі. У двары мелася шмат гаспадарчых пабудоў: мураваная кухня з афіцынай, бровар, лазня, кузня, адрыны, стайні і шмат іншых. На беразе ракі круціў свае два колы млын. Апошнія гаспадары Туганавіч шанавалі памяць Адама Міцкевіча, устанавілі тут бюст паэту, мемарыяльныя дошкі, захоўвалі асабістыя рэчы Марылі, кнігі Міцкевіча з аўтографамі. Сюды прыязджалі сотні людзей, у тым ліку Эліза Ажэшка, Марыя Канапніцкая, Бенедзікт Дыбоўскі, сын Адама – Уладзіслаў. 
Палац, усе пабудовы былі знішчаны ў першую сусветную вайну і болей не адбудоўваліся.

 … Нідзе на зямлі няма такога бесклапотнага жыцця… 
Колькі там радасці, любові, заўсёднага шчасця для ўсіх…” 



…. Можа бог не дасць ужо вярнуцца 
да гэтага жыцця, але я мушу нешта зрабіць, 
каб захаваць тое дарагое нацыянальнае зерне 
і даць іншым адчуць яго вартасць… 
А.Міцкевіч 



Кожнаму чалавеку бясконца дарагі куточак зямлі, на якім ён нарадзіўся. Куточак той бачыцца яму самым цудоўным, самым годным месцам на свеце. Але ёсць мясціны на Беларусі, успаміны пра якія саграваюць душу, натхняюць на творчасць паэта; якія ўзнесены ў паэтычных радках вядомых нават за мяжой беларускай зямлі. 
Адным з такіх бласлаўлёных месцаў з’яўляецца мая малая радзіма – Карчоўская зямля, з яе захапляючай дух прыродай, найбагацейшай гісторыяй, знакамітымі землякамі і гасцямі. 
“ …. Нідзе на зямлі няма такога бесклапотнага жыцця…. Колькі там радасці, любові, заўсёднага шчасця для ўсіх…. Такое жыццё я ў поўнай меры спазнаў паміж 1815 і 1820 гадамі, асабліва ў доме Верашчакаў /Туганавічы/…”, - пісаў сябрам сусветна вядомы паэт А.Міцкевіч, успамінаючы наведванне Карчоўскай зямлі. 





Трымаючы ў руках зборнік яго твораў падыходжу да знакамітага парка Туганавічы. Шэптам лістоты сустракаюць мяне векавыя дрэвы, як, амаль два стагоддзі таму, сустракалі маладога рамантыка Адама Міцкевіча.


Калісь між тых палёў, пры рэчцы, на пагорку, 
Сярод бярэзніку, за плотам панадворка 
Стаяў драўляны панскі дом 
І з зеляніны свяціўся, як сувой кужэльнае тканіны 
Тынкоўкай белай сцен над дыванамі поля. 
Ад непагод затулены сцяной таполяў, 
Ён невялікі быў, але не занядбаны…


Такім паўстае Туганавіцкі двор у вядомай паэме Міцкевіча. Польская пісьменніца Моніка Варненская пісала: “…Туганавічы сталі фонам аднаго з найцудоўнейшых твораў, што ведае сусветная паэзія… - паэмы “Пан Тадэвуш”…”. 
Менавіта з вакон Туганавіцкага маёнтка, у першы свой прыезд, Міцкевіч убачыў дачку гаспадыні двара – Марыю Верашчака, якая з першага погляду паланіла сэрца маладога паэта.


Як птушка белакрылая на плоце 
Яна з’явілася, як месячнае ззянне 
Праявай хараства і гэтак нечакана 
Дык вось якая ты, загадка-панна!

Час вяртацца дамоў. Па дарозе думкі мае не пакідае мой куточак, мая бласлаўлёная зямля. Колькі цікавага, неспазнанага, павучальнага захоўваюць яе дрэвы, камяні, яе прасторы?! Як хацелася б, каб як мага больш людзей маглі навучыцца, захаваць, спазнаць яе таямніцы! 
А тым часам словы самі складаюцца ў радкі: 

Куточак мар! Любімая Карчова! 
Зямля бацькоў! Зямля маіх дзядоў. 
Ты лепшаю была для іх учора, 
Сягодня – для мяне, маіх сяброў. 

Табою ганаруся я за гэта! 
Хачу, нашчадкам музай каб была. 
Натхняй і ў будучым вялікага паэта! 
Куточак мар! Радзімая зямля!

 

Загадкавая Марыля прыгожая не знешняй, але незвычайнай унутранай прыгажосцю, стала музай першага кахання, марай і болем Адама Міцкевіча на ўсё яго жыццё. Ёй простай паненцы з Туганавіч, прысвечаны лепшыя радкі шматлікіх твораў паэта. 



Пэндзлем імя ўловіць хто хоча, 
Піша з яе хай партрэты. 
Рыфмай бяссмертнай звініце ахвоча! 
Слаўце, Марылю, паэты!



Кастусь Цвірка ў сваёй кнізе адзначыў: “..Вобраз Марылі Верашчакі можна ўбачыць не толькі ў творах, непасрэдна ёй прысвечаныя ці з ёй звязаных, такія, напрыклад, як “да М***”, “Няўпэўненасць”, “Сон”, “Курганок Марылі”, “Люблю я …”, але і ў многіх іншых… . … У паэме “Пан Тадэвуш” вельмі нагадвае Марылю… - паненка Зося. І паэтычнае апісанне спатканняў у Сапліцове – не што іншае, як прымруджаныя туманам часу ўспаміны пра хвалюючыя спатканні самога А.Міцкевіча з Марыляй у Туганавічах…


Альтанка! Шчасця майго калыбель і магіла! 
Тут я спаткаў, тут развітаўся…


Паўтараючы неўміручыя радкі падыходжу да рэшткаў ліпавай альтанкі, створанай калісьці самой прыродай і стаўшай месцам спаткання закаханага паэта і Марылі. Як шмат маглі б нашаптаць старыя скурочаныя часам і людзьмі дрэвы пра сустрэчы і развітанні. Можа б змог я пачуць радкі неўбачыўшых свет вершаў, ці гарачы шэпт словаў кахання? А можа пад гэтымі ліпамі сямейнага парку пачую апошняе “не”, што прашаптала каханая Міцкевічу, ці спазнаю хвіліны найвялікшай асалоды і болю, што спазнаў ён?



Было ўсё, як тады… Яе вось я не стрэціў 
Падходжу пад альтанку. Шолах там якісьці 
Яна? Не, ветрык там прабег па жаўталісьці 
І зноўку – цішыня! Кляны стаяць паныла 
Альтанка! Шчасця ты калыска і магіла 
Майго! Тут я знайшоў яе й згубіў…”



Вялікі боль нешчаслівага кахання, перажыты ў Туганавічах, вычараваў строфы несмяротнай прыгажосці ў чацвёртай частцы паэмы “Дзяды”.

О не! У свет прыйшлі адно для аднаго мы. 
Заззяла й зорка нам адна з нябеснай стромы. 
Мы аднадумцы, хоць раслі не разам з ёю, 
Адных гадоў, падобны нават між сабою. 
Адны і тыя ж нас пачуцці сагравалі. 
Ва ўсім нас нешта непасціжнае яднала… 
Бог завязаў вузлы, а ты іх разарвала 

“Любая мая Марыля, - пісаў ён да яе пазней, - я цябе шаную і кахаю, як багіню. Каханне маё такое бязвіннае і нябеснае, як сам яго прадмет… Але я не магу ўтрымацца ад страшэннага хвалявання, калі ўспамінаю, што я страціў цябе назаўсёды, што я буду толькі сведкам чужога шчасця, што ты забудзеш мяне; часта ў адну і тую ж хвіліну я малю Бога, каб ты была шчаслівая, хаця і забылася пра мяне, і адначасова гатоў закрычаць, каб ты памерла разам са мной!... 
Дарагая, адзіная мая! 
Ты не бачыш прорвы, над якой мы стаім!....” 
Ці не яно, гэта светлае, поўнае высокіх узлётаў і няспраўджаных надзей каханне, і распаліла ў сэрцы Адама Міцкевіча той вялікі паэтычны агонь, які даў свету магутныя тварэнні чалавечага духу, што навечна застануцца для людзей нязгасным светачам у іх дарозе да вяршынь дасканаласці? 
Ідучы па ледзь прыкметнай сцяжынцы, былой алеі, дакранаюся рукой да старых дубоў з надзеяй адчуць тое ж, што адчуваў малады Міцкевіч, правёўшы лепшыя хвіліны свайго жыцця сярод гэтых дрэў, на гэтай зямлі, якая пакінула незабыўны след у душы паэта. Праз шмат гадоў А.Міцкевіч напіша: “Часта нападае цяжкая сумота…, … і ўвесь час бачу ў сне Навагрудак і Туганавічы…”. 

У разважаннях пра А.Міцкевіча не заўважаю, як апынуўся перад рэшткамі старога фундамента. Думкі пераносяцца ў часы больш познія. 
1863-64 гады. Нацыянальна-вызваленчае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Цесную сувязь з ім падтрымаў тагачасны гаспадар Туганавічаў Канстанцый Туганоўскі. У падполе яго сядзібы працавала майстэрня па вытворчасці зброі для паўстанцаў, якая перапраўлялася ў цэнтр паўстання – Мілавіды. Пасля падаўлення паўстання Канстанцый Туганоўскі быў замардаваны ў Віленскай турме. Не захавалася і майстэрня: у гады першай сусветнай вайны праз Туганавічы пралягла лінія фронту і ад былых велічных забудоў засталіся толькі фундаментальныя камяні, перад якімі я й стаю. 

На выхадзе з парку позірк затрымліваецца на віднеючай удалечыні вёсачкі Трацавічы, непадалёку ад якой існавала “горка Міцкевіча”. На горцы гэтай паэт любіў адпачываць у час сваіх доўгіх вандровак па наваколіцах ці проста пабыць у адзіноце і роздумах. Менавіта ля гэтай вёсачкі паэт упершыню назіраў абрад “дзядоў”. 

Але зварочваю я ў процілеглы бок. Накіроўваюся ва ўрочышча Кут, дзе шмат вякоў ляжыць на адным месцы велічны камень валун, пакінуты далёкім ледавіком і абвешчаны геалагічным помнікам у 1972 годзе. Нават рэшткі яго /большая частка была разабрана сялянамі на жоравы/ здзіўляюць сваёй велічынёй. Але не толькі памерамі і складам /граніт рапаківі/ вядомы валун. На гэтым месцы з 1818 па 1821 год збіраліся ўдзельнікі тайнага таварыства філарэтаў, саюза аматараў дабрачыннасці. Менавіта ля “камяня філарэтаў” давалі клятву вернасці і адданасці ідэалам свабоды, братэрства і незалежнасці знакамітыя ў наш час Тамаш Зан, Ян Чачот, Адам Міцкевіч, Ігнат Дамейка, Юзаф Яжэўскі і іншыя. 
Прыхіляюся да граніту, якія захаваў цеплыню сэрцаў славутых людзей і быццам чую словы: 


… Друзья мои! Вставайте разом! 
Счастье всех – наша цель и дело. 
В единстве мощь, в упоенье разум. 
Друзья младые! Вставайте смело. 


Гэта радкі “Оды да маладосці” А.Міцкевіча, стаўшай гімнам барацьбы і веры ў светлую будучыню. 
Ля “камня філарэтаў” упершыню прагучаў яшчэ адзін цудоўны твор – “Песня філарэтаў” і быў горача адобраны сябрамі па духу. 
Так, незвычайнае месца, незвычайны камень, незвычайна жывыя ўспаміны. Нездарма, мабыць, Адам Міцкевіч пісаў: 

Прыгожае месца, й чуваць толькі мілыя шумы: 
Тальмена назвала то месца святыняй задумы.

 

Час вяртацца дамоў. Па дарозе думкі мае не пакідае мой куточак, мая бласлаўлёная зямля. Колькі цікавага, неспазнанага, павучальнага захоўваюць яе дрэвы, камяні, яе прасторы?! Як хацелася б, каб як мага больш людзей маглі навучыцца, захаваць, спазнаць яе таямніцы! 
А тым часам словы самі складаюцца ў радкі: 

Куточак мар! Любімая Карчова! 
Зямля бацькоў! Зямля маіх дзядоў. 
Ты лепшаю была для іх учора, 
Сягодня – для мяне, маіх сяброў. 

Табою ганаруся я за гэта! 
Хачу, нашчадкам музай каб была. 
Натхняй і ў будучым вялікага паэта! 
Куточак мар! Радзімая зямля! 

 

 

Разделы сайта